У Столінскім раёне знайшлі новы від стракоз

У Столінскім раёне знайшлі новы від стракоз

17:59 03 жніўня 2021 ·
Да гэтага лета ў афіцыйным спісе стракоз нашай краіны значылася 67 відаў. Нядаўна падчас экспедыцыі у рамках праекта АПБ “Палессе – дзікая прырода без межаў” у заказніку рэспубліканскага значэння “Альманскія балоты” арнітолаг Дзяніс Кіцель сфатаграфаў 68-ы від – страказу малую блакітную (Orthetrum coerulescens (Fabricius, 1798)).

На Альманы Дзяніс прыехаў, каб правесці маніторынг поспеху гнездавання глабальна пагражальнага віду птушак – вялікага арляца. Арнітолаг расказаў пра тое, як зрабіў адкрыццё:

Мы пераночылі ў лесе на заходняй мяжы балота, недалёка ад вёскі Альманы Столінскага раёна, і а сёмай раніцы 24 ліпеня я ўжо выйшаў на балота. Чатыры гадзіны назіраў праз трубу і бінокль за парай арляцоў, каб высветліць, ці ёсць у іх сёлета гняздо з птушанём. А 15-й гадзіне я вяртаўся назад і, пераходзячы ручай, звярнуў увагу на блакітную страказу, што сядзела за 20 сантыметраў ад зямлі на абламанай галінцы бярозы. Больш за ўсё страказа нагадвала знаёмы звычайны від – страказу рашэцістую (Orthetrum cancellatum), але нешта ў ёй было іншым. Як кажуць, “д’ябал хаваецца ў дробязях”. Таму я і вырашыў спыніцца і як след разгледзець казурку.

У тым месцы, дзе ручай разліваецца па сцяжыне, Дзяніс заўважыў адразу двух самцоў і самку гэтага віду стракоз. Іх паводзіны адрозніваліся ад паводзінаў рашэцістай страказы. Самцы не адляталі далёка ад ручая, а, зрабіўшы круг у дзесяць метраў, вярталіся назад на свае прысады. У афарбоўцы страказы таксама былі адметныя рысы: цалкам блакітны хвост і шырокія жоўтыя птэрасцігмы — плямкі на канцах крылаў.

Фотаапарата ў мяне з сабою не было, таму, каб сфатаграфаваць новы для краіны від, давялося ісці два кіламетры да машыны, а потым назад, — смяецца арнітолаг.

Стракозы і матылі вельмі часта цікавяць птушкароў. Дзяніс Кіцель яшчэ ў школе сур’ёзна захапляўся казуркамі. Хоць ён і стаў арнітолагам, але цікавасць да шасціногіх не згасла. На яго рахунку ўжо не адзін від стракоз, новы для краіны.

Фотаздымкі, якія зрабіў Дзяніс, ужо паглядзелі вядучыя еўрапейскія спецыялісты па стракозах і пацвердзілі правільнасць вызначэння. Вельмі важна, што была адзначана не адзінкавая заляцелая асобіна, а група стракоз з самкай. Вялікая імавернасць, што яны размнажаюцца ў Беларусі. Адзін з найвялікшых балотных заказнікаў краіны яшчэ раз даказаў сваю ўнікальнасць.

Трэба дадаць, што з’яўленне гэтага віда ў Беларусі было спрагназавана яшчэ 15 гадоў таму. Стракозы — хуткія драпежнікі, якія, як і птушкі, могуць пераадольваць сотні і тысячы кіламетраў і такім чынам пашыраць свой арэал. На мапе распаўсюджання відаць, што страказа ёсць амаль паўсюль вакол Беларусі, але дагэтуль не хапала доказаў знаходжання яе ў нас. Цяпер гэтыя доказы з’явіліся.

Фота: Страказа малая блакітная (Orthetrum coerulescens), аўтар Дзяніс Кіцель.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ

27 кастрычніка 2026 19:35

Евросоюз связывает защиту от жары с энергией

Для жителей Европы установка кондиционеров и охлаждение жилья стали необходимостью, а не роскошью. С начала 2026 года газ подорожал на 140%, а дизельное топливо…

13 лістапада 2023 13:17

«Сам себе КПСС». Какие политические партии останутся в Беларуси при Лукашенко?

“Мы не воссоздаем КПСС, не строим партию власти”, — заявил Александр Лукашенко на встрече с руководителями политических партий 10 ноября. Президентскую же форму правления в Беларуси, по его словам, люди должны “не просто понимать, а принимать как аксиому”. Короче, он сам себе КПСС.

31 кастрычніка 2023 12:14

Зачем будущей Беларуси нужно устойчивое развитие и при чем здесь экология?

Активисты гражданского общества, а также беларусские и европейские эксперты в сфере экологии объявили о создании новой структуры — альянса «Зеленая Беларусь».

30 лістапада 2022 19:41

Волнуют ли сейчас белорусов проблемы экологии и что думают про атомную электростанцию?

Почти половина граждан страны не знает актуального статуса БелАЭС, а некоторые думают, что она еще строится, такие результаты социального опроса среди белорусов, проведенного совместно с независмыми социологами в сентябре 2022 года.