ТОП-7 легенд Косаўскага палаца

ТОП-7 легенд Косаўскага палаца

10:21 22 июня 2017

У гісторыі замкаў і палацаў заўжды ёсць легенды, таямніцы, якія і прыцягваюць інтарэс турыстаў да такіх мясцін. Косаўскі палац не з’яўляецца выключэннем.

Трэба адзначыць, што для розных краін і легенды вакол замкаў і палацаў з’яўляюцца розныя. Так, для Англіі вельмі характэрнымі з’яўляюцца легенды пра прывідаў, якія па начах шастаюць па палацах.

Англійскім замкам нават непрыстойна не мець уласных прывідаў, з-за чаго іх вельмі часта прыдумляюць. І не дзіва! Які ж англійскі турыст пойдзе у замак без прывіда? Гэта ж зусім нецікава…

У Чэхіі ёсць легенда пра коннага тампліера без галавы, які з’яўляецца на вуліцах Прагі, у Румыніі — пра ўсім вядомы замак Дракулы.

Косаўскі палац у верасні 2014 году
Косаўскі палац у верасні 2014 году

Беларускія замкі і палацы таксама маюць сваіх прывідаў. Яшчэ Уладзімір Караткевіч пісаў пра прывідаў Белай Дамы і Чорнага Манаха ў Гальшанскім замку. У Лошыцкай сядзібе прывід пані Любанскай дапамагае маладым людзям у справах амурных. У Нясвіжскім замку па начах ходзіць дух Барбары Радзівіл, жонкі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта Аўгуста.

Шмат сваіх легендаў мае і даволі малады Косаўскі палац.

Дарэчы, многія людзі памылкова называюць Косаўскі палац замкам. Ён не нясе ў сабе абарончых функцый, таму з’яўляецца ўсё ж палацам. Хаця сваімі дэкаратыўнымі зубцамі ён, можа, і нагадвае замак. Але гэтыя на першы погляд абарончыя рысы маюць толькі дэкаратыўны характар.

Падземны ход

Самая папулярная легенда распавядае пра падземны ход даўжынёй 25 кіламетраў ад Косаўскага палаца да Ружанскага.

Сапраўды, непадалёку ад цэнтральнага ўваходу ёсць падземная “пячора”, засыпаная зямлёй. Куды яна вядзе — невядома, але дакладна не да Ружанаў. Гэтая легенда — звычайная выдумка, бо такі тунэль вельмі складана было б зрабіць (як там было б, напрыклад, з вентыляцыяй?), ды ён тут і непатрэбны быў.

Падземныя хады з замкаў рабіліся для адступлення падчас аблогі і былі яны, як правіла, 100-700 метраў. Згадаем яшчэ раз, што палац Пуслоўскіх не планавалася выкарыстоўваць у ваенных, абарончых функцыях.

Акварыум пад падлогай

Паводле другой легенды, у палацы былі каля 100 пакояў. Пры гэтым усе яны адрозніваліся адзін ад аднаго. Былі “блакітны пакой”, “залаты пакой”, “срэбраны пакой”… Быў нават пакой са шкляной падлогай, пад якой плавалі рыбкі.

Гэтая легенда магла б быць праўдай, тым больш, трэба ўлічыць тое, што Пуслоўскія былі надзвычай багатымі людзьмі. Ды і не рабілі яны ўсе пакоі аднолькавымі, як у студэнцкім інтэрнаце.

Палац Пуслоўскіх у лютым 2015 году
Палац Пуслоўскіх у лютым 2015 году

Гляне сонца і ў гэта аконца

Кажуць, што Косаўскі палац пабудаваны такім чынам, што кожны год пару дзён сонца свяціла ў пэўны пакой, а потым пераходзіла ў іншы.

Даволі неверагодная версія, якую складана было праверыць, пакуль у палацы не было пакояў. Але пасля завяршэння рэстаўрацыі палаца мы абавязкова вопытным шляхам гэта праверым, галоўнае, каб за час рэстаўрацыі вокны на сваіх месцах засталіся.

Ціха! Тут акустыка!

Іншая легеда сцвярджае, што палац быў збудаваны так, што ў ім была неверагодная акустыка. Пляснеш у далоні ў адным канцы палаца — а звон пойдзе да іншага.

Тое, што акустыка палаца была лепшай, чым у сялянскай хаце — гэта факт, бо пакоі былі вялікія і з высокай столлю. Але ж наконт такой гіперакустыкі можна сумнявацца.

Хіба што ў сцены былі ўмураваны акустычныя збаны, як ў Каложскай царкве. Тады акустыка была б яшчэ лепшай. Але нават у гэтым выпадку наўрад ці па ўсім палацы быў чуваць звон ад пляскання ў далоні.

Ды і навошта была такая акустыка? А калі ў пана кніжка са стала ўпадзе, гэта ж які грукат будзе ў палацы! Нібы цягнік прайшоў…

Сядзіба Тадэвуша Касцюшкі на фоне палацу. Студзень 2016 году
Сядзіба Тадэвуша Касцюшкі на фоне палацу. Студзень 2016 году

Бяззубы леў?

Яшчэ адна легенда кажа, што ў Пуслоўскіх у палацы быў леў, якога яны выпускалі гуляць па калідорах, каб слугі нічога каштоўнага ў палацы не скралі. Улічваючы тое, што ў парку Пуслоўскіх былі вельмі унікальныя дрэвы з самых розных экзатычных краін, то мог быць у іх і леў. Але выпускаць ільва гуляць па калідорах — гэта глупства.

Вы паглядзіце, што з вашай мэбляй можа зрабіць звычайны коцік, які точыць свае кіпці. А калі б аб якую-небудзь канапу Пуслоўскіх патачыў свае “нажы” леў, як бы яна выглядала? Нават калі б кіпці льву абрэзалі, ён бы і зубы час ад часу тачыў бы аб столік з чырвонага дрэва… Хіба што леў быў зусім стары, нямоглы, без кіпцяў і зубоў…

А наконт таго, што слугі маглі красці, то варта адзначыць, што навошта ім было гэта рабіць, жывучы ў такіх шыкоўных умовах — каб іх саслалі ў якую вёсачку зямлю абрабляць? Я думаю, што слугі даражылі сваім даволі высокім статусам.

Косаўскі палац у лютым 2016 году
Косаўскі палац у лютым 2016 году

На санях па солі

Кажуць, што графіня Пуслоўская вельмі любіла катацца на санях. Жадаючы дагадзіць каханай жонцы, граф ладзіў катанні нават летам. Тэрасы парка засцілаліся белымі тканінамі і пасыпаліся соллю, па якой графіня і каталася на санях.

Гучыць даволі праўдападобна. Чаго не зробіш дзеля каханай жонкі, тым больш маючы мора грошай! А жонка ж потым іншым дамам пахваліцца тым, што яе муж гатовы для яе ўсё зрабіць, нават зіму летам. Тут і графу залік, бо ўсе ж ягонай жонцы зайздросціць будуць!

Золата партыі?

Самая апошняя легенда, якую распавядаюць мясцовыя жыхары, кажа, што гадоў 20 таму нейкія турысты знайшлі ў палацы больш чым 100 кілаграмаў золата.

Вельмі сумніўная легенда. Справа ў тым, што апошнія ўладальнікі палаца выграблі адсюль усе каштоўнасці і вывезлі іх у Расію. А пасля іх тут былі палякі, немцы, партызаны, мясцовыя жыхары. Наўрад ці пасля іх тут нешта магло застацца. Падчас апошніх раскопак у 2008 годзе археолагі радаваліся тут кожнаму цвіку, але на золата яны нават і спадзяванняў не мелі.

Калі мясцовыя фантазіі прыняць за рэчаіснасць і палічыць, што 20 гадоў таму тут золата сапраўды адкапалі, то ўзнікае пытанне, а чыё ж гэта было золата? Можа, гэта было золата камуністычнай партыі, якая закапала яго ў палацы, калі пачалася агонія Савецкага Саюза?

Дык вось дзе яно было, золата партыі?


Легендам быць!

Як бы там ні было, усе гэтыя легенды — вялікае культурнае багацце нашага краю. Ад іх нельга адмаўляцца, а трэба берагчы, пераказваць, прыдумляць новыя. Тады і турысты сюды пацягнуцца з усяго свету, і нам будзе што расказаць сваім дзецям падчас экскурсіі да палаца Пуслоўскіх.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

27 мая 2026 16:28

Что выбрать в Лиссабоне для отдыха на воде — яхту, вечернюю прогулку или рыбалку

В Лиссабоне иногда хочется сделать паузу в прогулках по улицам. Например, к вам приехали гости на пару дней, и нужно быстро показать им город. Или в поездке остался свободный вечер, который не хочется тратить на маршрут по уже привычному центру. В таких случаях прогулка по воде — хороший вариант. С реки Тежу видны главные места Лиссабона, а до Атлантики можно добраться быстро.

22 мая 2026 11:54

Почему после поездки в Лиссабон хочется ещё один отпуск

Лиссабон часто представляют как город для лёгкого отдыха с солнцем, океанским воздухом, старыми трамваями, ужинами без спешки и прогулками по красивым улицам. Кажется, что здесь невозможно устать. Но у многих поездка быстро превращается в гонку по маршрутам, очередям и отметкам на карте.

31 декабря 2025 18:32

Брестская ёлка лучшая и фальшивая победа бото-голосованием под фанфары пропаганды

На ТГ-канале главного управления по идеологии Брестского облисполкома под фанфары и объявили о «сенсационной победе» брестской ёлки в голосовании за самую красивую новогоднюю ёлку Беларуси. 220 тысяч голосов, «нешуточная борьба», где «до последнего невозможно было предположить победителя» – всё по канонам официального восторга. Вот только есть одна проблема: никакой честной победы там не было.

29 декабря 2023 13:29

«Влияние церкви на общество в Беларуси крайне преувеличено: как властями, так и оппозицией»

Православный священник Александр Шрамко высказался о наполняемости православных храмов, комментируя свое же заявление о том, что из всех считающих себя православными только 1% реально верующие, то есть практикуют свою веру и участвуют в богослужениях.