У Івацэвіцкім раёне 92-гадовая ўдава ветэрана 2 месяцы жыла без электрычнасці. Фота-відэа

У Івацэвіцкім раёне 92-гадовая ўдава ветэрана 2 месяцы жыла без электрычнасці. Фота-відэа

20:32 22 лістапада 2017
Жыхарка вёскі Краі Івацэвіцкага раёну Ганна Канановіч (Куратнік) жыве адна – яна ўдава інваліда вайны. Жанчына не хоча высяляцца са сваёй маленькай хаткі ў дом для састарэлых, яна кажа, што хоча “памерці тут”.

Хатка Ганны Канановіч (Куратнік) у Краях вельмі маленькая – фактычна адзін пакой. Жанчына ўжо мала рухаецца, яна інвалід першай групы, таму ёй дапамагае сацыяльная работніца Святлана. Родных дзяцей Ганна Канановіч не мае, часам прыязджаюць адведаць пляменнікі.

Наведаўшы пенсіянерку журналісты пераканаліся, што яна сапраўды рыхтуецца да адыходу ў іншы свет – проста ў хаце стаіць надмагільны крыж, на якім толькі трэба будзе пазначыць дату смерці.

Карэспандэнты “ПР” наведаліся да Ганны Канановіч пасля скаргі ў рэдакцыю яе пляменніка Міхаіла Мяліка, які распавёў, што каля двух месяцаў 92-гадовая жанчына жыла без электрычнасці.

Міхаіл Мялік, пляменнік 92-гадовай жанчыны
Міхаіл Мялік, пляменнік 92-гадовай жанчыны

“Уключылі нядаўна. А то не было ў мяне святла… Хто яго ведае, чаго. Само па сабе патухла. І скажы гэтай старшыні (Рэчкаўскага сельвыканкаму  – ПР) – ай… Я тут, хлопчыкі, не жыву, а бядую. Ужо хачу каб смерць мяне прыняла,” – гаруе Ганна Канановіч.

Урэшце, як распавяла сацыяльная працаўніца Святлана, пасля зваротаў, электрычнасць у хаце Ганны Канановіч наладзілі. На час, калі не было святла, сацыяльная працаўніца дала пенсіянерцы ліхтарык, каб бабуля хоць неяк магла перасоўвацца па хаце.

Сацыяльная работніца Святлана і Ганна Канановіч
Сацыяльная работніца Святлана і Ганна Канановіч

“Яна ўжо прывыкла за гэты час да ліхтарыка. Я ёй яго зараджаю, і яна пры патрэбе з ім уначы ходзіць,” – кажа Святлана.

Як распавяла пенсіянерка, старшыня Рэчкаўскага сельвыканкаму Ганна Латышэвіч прапаноўвала ёй паехаць у дом састарэлых:

“А я ёй сказала, што не пайду, я маю 92 гады, і я сказала, што ў сваёй хаце памру, я не хачу ў дом для састарэлых,” – апавяла Ганна Канановіч.

Блізкіх сваякоў у Ганны Канановіч не засталося
Блізкіх сваякоў у Ганны Канановіч не засталося

Міхаіл Мялік, пляменнік Ганны Канановіч, які жыве ў іншай вёсцы, кажа, што гэтую хату пенсіянерка набыла каля 10 гадоў таму, аднак, не мае на яе дакументаў, таму за многія паслугі плаціць без ільгот. Міхаіл Мялік кажа, што звяртаўся да розных прадстаўнікоў мясцовай улады, і нават у ваенны камісарыят, каб лепей апекаваліся ўдавой ветэрана вайны.

“Яе пакойны муж франтавік быў, Берлін браў, некалі яму нават “Запарожца” давалі. А цяпер нікому нічога ня трэба. Сядзеў во чалавек 2 месяцы без святла,” – абураецца Міхаіл Мялік.

Старшыня Рэчкаўскага сельвыканкаму Ганна Латышэвіч патлумачыла, што праблему з электрычнасцю ў хаце пенсіянеркі яна вырашыла, як толькі ёй пра гэта паведамілі:

“Я вырашала гэтую праблему, і вырашыла. Чаму адразу было да мяне не звярнуцца. Як толькі я даведалася, мы гэтае пытанне вырашылі адразу ж. Я гэтую бабулю часта наведваю, проста была пэўны час у адпачынку. Але я гэтую бабулю вельмі добра ведаю, і вельмі часта там бываю”.

Як распавяла Ганна Латышэвіч, пенсіянерка жыве на тэрыторыі сельсавету з 2008 году. І жыве яна фактычна не ў доме, а ў летняй кухні суседняга дому. Старшыня сельвыканкаму кажа, што ў сувязі з адсутнасцю блізкіх сваякоў, прапаноўвала бабулі хаця б на зіму пасяліцца ў сацыяльны прытулак, але жанчына не хоча.

Хата 92-гадовай жанчыны - гэта фактычна не хата, а летняя кухня
Хата 92-гадовай жанчыны – гэта фактычна не хата, а летняя кухня

Апроч таго, старшыня сельвыканкаму патлумачыла, што ў пенсіянеркі ёсць лепшая хата ў вёсцы Выганашчы, аднак яна не ўступае ў валоданне ёй па спадчыне.

“Прымусіць жа чалавека гэта зрабіць мы не можам,” – кажа Ганна Латышэвіч.

Старшыня сельвыканкаму тлумачыць, што аформіць дом, дзе жыве пенсіянерка Ганна Канановіч, немагчыма паводле закону. Таму жанчыне “прапаноўвалі розныя варыянты”, але яна адмаўлялася.

Проста ў пакоі 92-гадовай жанчыны стаіць крыж, які яна прыгатавала сабе на магілу
Проста ў пакоі 92-гадовай жанчыны стаіць крыж, які яна прыгатавала сабе на магілу

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ

15 лістапада 2026 13:23

Ці хочуць беларусы жыць пры прыгонным праве?

Карацей Лукашэнка прапанаваў, каб без згоды старшыні райвыканкама работнікі не маглі сысці з сельгаспрадпрыемства. Падобнае ўжо было: прыгоннае права да 1861 года, калгаснікі без пашпартоў да 1970-х і дэкрэт № 9 у 2012–2016 гадах. Людзі з’язджаюць праз заробкі і ўмовы: за гады яго кіравання вёска страціла амаль 1,4 мільёна жыхароў. Замест таго каб ствараць у […]

02 лістапада 2026 23:12

Бульбянае шчасце «Мінскай праўды»: адзін мех на ўсю рэдакцыю

У рэдакцыі «Мінскай праўды» адбылася падзея, якую цяжка пераацаніць. Супрацоўнікі атрымалі амаль 25 кілаграмаў бульбы з агарода Аляксандра Лукашэнкі. Не кожнаму па мяху, вядома. Адзін мех на ўсіх. І пачалося сапраўднае свята ўраджаю. Бульбу ўрачыста падзялілі паміж супрацоўнікамі, каб кожны мог занесці дадому часцінку прэзідэнцкага агарода. Уявіце гэтую карціну. У рэдакцыі, дзе штодня нараджаюцца навіны […]

22 кастрычніка 2026 15:33

Не маўчаў перад уладай і не пакідаў людзей у бядзе. Памёр святар Ігар Кандрацьеў

Ён дапамагаў людзім, адраджаў грэка-каталіцкую царкву на Брэстчыне, распаўсюджваў Біблію па-беларуску і патрабаваў вызвалення людзей, калі іншыя баяліся нават загаварыць. Айцец Ігар Кандрацьеў быў святаром, для якога вера не абмяжоўвалася набажэнствамі, а служэнне Богу азначала найперш служэнне людзям.

27 ліпеня 2026 11:26

Вольга Севярынец: «Жанчыны Беларусі ўжо даўно паказалі, на што яны здольныя»

Пра пакуты беларускіх палітвязняў ужо задакументавана нямала гісторый. Значна менш вядома пра тое, што ўвесь гэты час перажывалі іх жонкі і маці, калі жыццё вымяралася не месяцамі і гадамі, а лістамі, спатканнямі, дзіцячымі пытаннямі і рэдкімі навінамі з-за кратаў. Вольга Севярынец, жонка вядомага палітыка, чакала мужа амаль шэсць гадоў, гадавала сына без бацькі, падтрымлівала іншых і не дазваляла свету забыцца пра Беларусь.