Пінчук стаяў ля вытокаў вядомага крэму NIVEA

Пінчук стаяў ля вытокаў вядомага крэму NIVEA

11:24 19 лістапада 2026 ·
Хімік Ісаак Ліфшыц нарадзіўся ў Пінску, вынайшаў эўцэрыт — аснову крэму NIVEA — і зарабляў больш за ўсю раду дырэктараў Beiersdorf.

Ліфшыц нарадзіўся 15 сакавіка 1852 года ў Пінску. У 18 гадоў ён паехаў вучыцца ў Еўропу і ў 1884 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі — так тады было прынята для студэнтаў філасофскіх і прыродазнаўчых факультэтаў. Яго дысертацыя называлася «Пра дзеянне канцэнтраванай сернай кіслаты на нітраантрахіноны».

З 1885 года Ісаак Ліфшыц працаваў у хімічнай лабараторыі ланалінавага завода ў Берліне. З 1896 года разам з Людвігам Дармштэтэрам, які потым праславіўся як гісторык навукі, ён апублікаваў некалькі даследаванняў пра хімію ланаліну — тлушчу воўны. Мэтай было стварыць асновы для мазяў, якая звязвае ваду і можа захоўвацца неабмежавана доўга, каб служыць носьбітам для дэрматалагічных лекаў.

Праз два гады, у 1898-м, Ліфшыц зрабіў прарыў: вылучыў з ланаліну рэчыва эўцэрыт. У 1902 годзе ён запатэнтаваў сам спосаб атрымання гэтага рэвалюцыйнага матэрыялу для мазяў доўгага дзеяння, а ў наступныя гады атрымаў яшчэ 20 патэнтаў.

Даследчая лабараторыя Beiersdorf, 1914 год
Даследчая лабараторыя Beiersdorf, 1914 год

Жонку знайшоў на радзіме

У 1887 годзе Ліфшыц ажаніўся са зямлячкай з Пінска — Цэцыліяй. У 1904 годзе сям’я пераехала ў Брэмен, дзе Ісаак спачатку працаваў хімікам на Паўночнагерманскай фабрыцы па часанні воўны. Кажуць, што ў гэты час нерэлігійныя і закаханыя ў мастацтва Ліфшыцы цесна сябравалі з прагрэсіўнымі тэолагамі і інтэлектуаламі.

У 1909 годзе Ісаак Ліфшыц стаў дырэктарам хімічнага завода пад Брэменам, дзе яго эўцэрын выраблялі ў прамысловых маштабах. Аднак самастойна вывесці вынаходства на рынак Ліфшыцу не ўдалося.

Даследчык разумеў значэнне сваёй распрацоўкі і доўга не хацеў аддаваць яе толькі касметычнай галіне. Эканамічны прарыў прынесла знаёмства з гамбургскім дэрматолагам Паўлем Герсанам Уной і фармацэўтам і прадпрымальнікам Оскарам Траплавіцам. У канцы XIX стагоддзя Траплавіц набыў фармацэўтычную лабараторыю Паўля Карла Баерсдорфа і разам з Унай дамогся вялікіх поспехаў у вытворчасці медыцынскіх пластыраў і касметыкі.

Пауль Карл Баерсдорф
Пауль Карл Баерсдорф

Як з’явілася Nivea

У 1911 годзе Траплавіц і Ліфшыц дамовіліся. Ліфшыц узначаліў уласную лабараторыю ў гамбургскім «Баерсдорфе» і атрымліваў дырэктарскі заробак і долю прыбытку, а кампанія атрымала ўсе правы на яго вынаходства. Эўцэрыт у выглядзе эўцэрыну — воднай-алейнай эмульсіі з далікатнай структурай — стаў асноўным інгрэдыентам новага крэму для скуры Nivea і такім чынам адыграў вырашальную ролю ў росце кампаніі Beiersdorf.

Першая баначка крэму NIVEA, 1911 год
Першая баначка крэму NIVEA, 1911 год

Меў выбуховы характар

Ліфшыц славіўся выбуховым характарам. У архівах «Баерсдорфа» захоўваюцца шматлікія справаздачы пра канфлікты паміж навукоўцамі, якія часам нават даходзілі да бойкі. Былі ў Ісаака і спрэчкі з кіраўніцтвам наконт яго пасады: у 1920 годзе яму адмовілі ў месцы ў наглядальнай радзе, але кампенсавалі дадатковым заробкам.

Як навуковец Ліфшыц карыстаўся ў кампаніі найвышэйшай павагай. З 1923 года ён працаваў толькі да 14:00, а да 1930 года яго заробак вырас да 222 000 марак — больш, чым у ўсёй рады дырэктараў разам.

Цэцылія памерла ў 1926 годзе, а сам Ісаак Ліфшыц выйшаў на пенсію ў 1931 годзе ва ўзросце 79 гадоў. У 1935 годзе ўся рада дырэктараў Beiersdorf ушанавала яго з нагоды 25 гадоў супрацоўніцтва. Ліфшыц памёр 6 лютага 1938 года ў сваёй кватэры ў Эпендорфе.

Яго старэйшая дачка Сафі, стаматолаг з Берліна, загінула ў 1942 годзе па дарозе ў канцлагер. Малодшая, Элізабэт, піяністка і настаўніца музыкі, з 1935 года жыла ў Палестыне. Сын Аляксандр перажыў вайну ў акупаванай Галандыі і ў 1945 годзе вярнуўся ў Брэмен, дзе стаў сенатарам па дэнацыфікацыі, а пазней — старшынёй Дзяржаўнага суда.

Рэкламны плакат NIVEA, 1912 год
Рэкламны плакат NIVEA, 1912 год

Дарэчы

Чаму «NIVEA»? Оскар Траплавіц натхніўся далікатна-белым колерам крэму і ўзяў за аснову лацінскае слова «снег» — nix, nivis. Таму NIVEA можна перакласці як «снежная» або «снежна-белая».

Сімвалічна, што ў Беларусі забаронены ўвоз і продаж прадукцыі Beiersdorf (брэнды Nivea, Eucerin, Labello). Абмежаванні ўвялі ў 2021 годзе за тое, што кампанія па палітычных матывах адмовілася спансаваць чэмпіянат свету па хакеі.

І яшчэ адзін Ліфшыц з Палесся

З Пінска паходзілі і Франк і Фрыда Ліфшыц — бацькі амерыканскага дызайнера Ральфа Ларэна. Ральф нарадзіўся ўжо ў Нью-Ёрку, а ў юнацтве змяніў прозвішча на больш гучнае. Сёння Ralph Lauren — адзін з найвядомейшых брэндаў адзення ў свеце.