Гэтыя два храмы маюць даволі трагічную гісторыю: на іх адбіліся войны і бязбожны савецкі час, і да нас яны дайшлі не ў першапачатковым выглядзе.
Царква: будаваў магнат Агінскі, аднавілі пры Польшчы
Упершыню царкву ў Целяханах пабудавалі ў пачатку XVIII стагоддзя на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага. Ён валодаў Целяханамі, і пры ім мястэчка дасягнула росквіту. Апроч царквы магнат заснаваў тут фаянсавую мануфактуру, дзе рабілі вазы, скульптуры і іншыя вырабы. Але найбольш Міхал Казімір Агінскі вядомы будаўніцтвам канала, які назвалі ў яго гонар.

У канцы XVIII стагоддзя беларускія землі захапіла Расійская імперыя. Царкву, пабудаваную Агінскім, далучылі да Маскоўскага патрыярхату. Прастаяла яна да ХХ стагоддзя, але, на жаль, не захавалася: згарэла ў 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны.
Новую царкву ў Целяханах узвялі ўжо пры польскай уладзе, у 1934 годзе. Праект зрабіў інжынер Котавіч (у некаторых крыніцах — Котвіч) з Кобрына. Будаўніцтва вялося з 1932 года пад кіраўніцтвам настаяцеля Іаана Фёдаравіча Струкоўскага.

Царкву асвяцілі ў гонар Святой Тройцы. Цікава, што пасля прыходу савецкай улады і далучэння да БССР храм заставаўся дзейным.

Царкву будавалі ў рэтраспектыўна-рускім стылі, а незвычайная яе рыса — двух’ярусны дах.

У першыя месяцы Першай сусветнай вайны, яшчэ да прыходу нямецкіх войскаў, царкоўныя званы знялі і схавалі ў зямлі. Знайшлі іх толькі ў 1950-я гады. Найбольшы перадалі ў Пінскі музей, а ў 1990-я гады звон вярнулі ў царкву.

Сёння царква — помнік народнага драўлянага дойлідства, унесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Яна мае статус матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці III катэгорыі.
Пры камуністах касцёл ператварылі ў кінатэатр, але цяпер ён зноў служыць вернікам
А вось касцёлу ў Целяханах у савецкі час пашанцавала менш, чым царкве: яго закрылі і перабудавалі пад кінатэатр.
Касцёл будавалі з 1816 па 1823 год на сродкі графа Пуслоўскага і мясцовых вернікаў. У першапачатковым выглядзе ён спалучаў рысы розных архітэктурных стыляў, у тым ліку раманскага і барока. Галоўнай аздобай касцёла быў фігурны франтон над уваходам.

Пасля Другой сусветнай вайны касцёл Узвышэння Святога Крыжа закрылі і выкарыстоўвалі як гаспадарчую пабудову. У 1959 годзе храм пераабсталявалі ў кінатэатр і дабудавалі да яго танцпляцоўку. Тады страцілі большасць дэкаратыўных элементаў звонку і ўнутры.

Пазней будынак выкупіў бізнесмен з Баранавічаў, і каля пяці гадоў ён стаяў у заняпадзе.
У 2019 годзе Пінская дыяцэзія выкупіла будынак у Івацэвіцкага райвыканкама і пачала аднаўляць храм. Тут правялі грунтоўны рамонт і абсталявалі касцёл для набажэнстваў.

Да гэтага мясцовыя парафіяне збіраліся на імшу ў драўляным доме ў Целяханах, непадалёк ад свайго храма.

14 верасня 2019 года ў адноўленым касцёле Узвышэння Святога Крыжа адбылася першая Святая Імша — першая за 80 гадоў.
