Серада25 лістапада
+2°Брэст · заўтра -2…+1°
$2,9946▼0,0024€3,2863▼0,001510 zł7,3739▼0,0065Курс НБРБ
У Целяханах, а не ў Варшаве нарадзіўся маршал Ракасоўскі

У Целяханах, а не ў Варшаве нарадзіўся маршал Ракасоўскі

19:43 05 мая 2021 ·
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі адшуканы запіс аб нараджэнні Маршала Савецкага Саюза і Маршала Польшчы Канстанціна Ракасоўскага

Запіс аб нараджэнні Канстанціна Ракасоўскага быў адшуканы ураджэнцам вёскі Соміна Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці Уладзімірам Міхайлавічам Абрамчуком у час яго працы ў чытальнай зале НГА Беларусі пры даследаванні ўласнага радаводу.

Як сведчаць новаадшуканыя архіўныя дакументы, знакаміты вайсковы і палітычны дзеяч ХХ стагоддзя маршал Канстанцін Канстанцінавіч (Ксавер’евіч) Ракасоўскі нарадзіўся на беларускай зямлі! – у мястэчку Целяханы Пінскага павета Мінскай губерні (сёння Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці).

Запіс у метрычнай кнізе Целяханскай царквы Пінскага павета Мінскай губерні аб нараджэнні і хрышчэнні Канстанціна Ракасоўскага. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 136. Воп. 25. Спр. 352. Арк. 166 адв.–167

Сам Канстанцін Канстанцінавіч у розныя часы падаваў розныя месцы і нават даты свайго нараджэння. Згодна з аднымі дадзенымі, ён нарадзіўся 9 (21) снежня 1894 г., згодна з другімі – 9 (21) снежня 1896 г.

Месцамі нараджэння значыцца то г. Варшава, то г. Вялікія Лукі Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

Паколькі біёграфам маршала ніяк не ўдавалася знайсці запіс у метрычных кнігах, пытанне аб дакладным месцы і часе нараджэння героя заставалася адкрытым.

Г. К. Жуков, британский фельдмаршал Монтгомери, К. К. Рокоссовский в Берлине у Бранденбургских ворот, 12 июля 1945 года

Згодна са знойдзеным запісам, хлопчык Канстанцін, сын двараніна Ксаверыя Вікенцьевіча Ракасоўскага, рымска-каталіцкага веравызнання, і яго жонкі Антаніны Іванаўны, праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся 3 (15) верасня 1889 г., а 4 (16) 1889 г. быў ахрышчаны ў Свята-Троіцкай Целяханскай царкве.

Атрымліваецца, Канстанцін Ракасоўскі быў на пяць ці нават на сем гадоў старэйшым, чым гэта было занатавана ў яго пазнейшых дакументах.

Даследчыкам было вядома, што маці будучага маршала Антаніна Аўсянікава, якая памерла ў 1911 г., была родам з Целяханаў.

Помнік на магіле маці маршала Ракасоўскага ў Целяханах

Аднак ніхто не мог падумаць, што ў гэтым жа мястэчку нарадзіўся і сам Канстанцін.

Архівісты правялі далейшыя пошукі і высветлілі, што носьбіты прозвішча Аўсянікаў з’явіліся ў Целяханах даволі позна. Такое прозвішча, напрыклад, не зафіксавана ў рэвізскіх сказках за 1850 і 1858 гг. па маёнтку Целяханы Пінскага павета, які ў той час належаў вядомаму роду Пуслоўскіх.

У метрычных кнігах Целяханскай царквы за 1860–1870-я гг. запісу аб нараджэнні Антаніны Іванаўны Аўсянікавай мы таксама не знаходзім.

Аўсянікавы (альбо Аўсянікі) пачалі сустракацца тут толькі з 1880-х гг.

Далей было высветлена, што ў 1850 і 1858 гг. на тэрыторыі Пінскага павета прозвішча Аўсянік зафіксавана толькі сярод жыхароў в. Франапаль, якая адносілася да маёнтка Кужылічын, што належаў тым самым Пуслоўскім. Аднак, ні Антаніны, ні яе бацькі Івана ў спісах 1850 і 1858 гг. няма.

Як высветлілася далей, Аўсянікі не з’яўляліся карэннымі жыхарамі Франапаля. Усё франапальскія Аўсянікі былі пераведзены сюды Пуслоўскімі ў 1845 г. з маёнтка Туляцічы суседняга Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці).

Найверагодней, менавіта адтуль і паходзіла маці будучага маршала. Для генеалогаў і ўсіх аматараў гісторыі радавод Канстанціна Канстанцінавіча Ракасоўскага абяцае яшчэ шмат адкрыццяў.

Тым не менш вельмі важным з’яўляецца факт таго, што адзін з маршалаў Перамогі, камандуючы войскамі 1-га Беларускага фронту, камандуючы Парадам Перамогі 1945 г. нарадзіўся на беларускай зямлі і меў беларускія карані.

niab.by

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ

24 лістапада 2026 15:00

Гісторыя паўстанца, які пахаваны пад Брэстам

Антоній Калішэк, ураджэнец усходняй Польшчы, удзельнік паўстання 1863 года, знайшоў апошні прыстанак пад Брэстам. Яго лёс і магіла.

24 лістапада 2026 11:00

Пуслоўскія: якую спадчыну пакінуў род піянераў капіталізма на Берасцейшчыне

Магнаты і мецэнаты Пуслоўскія будавалі фабрыкі, палацы і храмы на Берасцейшчыне. Што з іх спадчыны захавалася і працуе сёння.

23 лістапада 2026 11:00

Якая спадчына Тадэвуша Касцюшкі на Берасцейшчыне

Дзе на Берасцейшчыне шукаць сляды Тадэвуша Касцюшкі: ад Марачоўшчыны і Косава да мясцін, звязаных з яго жыццём і паўстаннем 1794 года.

20 лістапада 2026 15:00

Рамуальд Траўгут: шлях ад афіцэра імперыі да сімвала барацьбы з ёю

Ураджэнец Камянецкага раёна амаль усё жыццё служыў Расійскай імперыі, а ў 1863 годзе ўзначаліў паўстанне супраць яе.