Гэты вадаём знаходзіцца за 14 кіламетраў ад Івацэвіч у бок Мінска. Побач праходзяць траса М1 і «старая дарога» Р2. Назву возера атрымала ад суседняй вёскі Чамялы.
Хоць у народзе вадаём называюць возерам, насамрэч гэта штучнае вадасховішча. Яно ляжыць у пойме ракі Шчары і з’яўляецца наліўным: вада трапляе сюды праз шлюзы Даманаўскага вадасховішча з дапамогай помпавай станцыі. А паколькі вадаём на рацэ, вада тут не застойваецца. Збудавалі яго ў 1954 годзе для рыбагадоўлі.
Летам 2025 года тут было адно з афіцыйна дазволеных для купання месцаў Івацэвіцкага раёна (спіс абнаўляецца кожны сезон). Пляж з прыемным пясочкам — у маляўнічым месцы каля лесу. Ёсць столікі ў цені, кабінкі для пераапранання, туалет і кантэйнеры для смецця. Стаянка — побач, на трасе М1 з боку Мінска.
Са славутасцяў — праваслаўная капліца ў гонар Жыровіцкага абраза Божай Маці, якую каля 2010 года паставілі ля трасы М1 каля возера. Яе ўзвялі на сродкі, сабраныя работнікамі «Белаўтадора», з блаславення мітрапаліта Філарэта.