На месцы цяперашняга храма стаяў драўляны касцёл XVI стагоддзя, але ён згарэў у вялікім пажары 1872 года. Праз пяць гадоў на грошы Вандаліна Пуслоўскага і парафіян пабудавалі новы, цагляны. Касцёл Святой Тройцы вядомы сваімі рэліквіямі.
Па-першае, тут захоўвалася метрычная кніга з запісам пра хрост Тадэвуша Касцюшкі 12 лютага 1746 года. Сёння кніга ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, але ў храме ёсць яе фотакопія і шыльда пра гэтую падзею, а побач — каменная купель, у якой хрысцілі будучага генерала. Хрысцілі Касцюшку, вядома, яшчэ ў старым драўляным касцёле, але цагляны стаіць на тым самым месцы.
Па-другое, з галоўнага алтара на нас глядзіць цудатворны абраз «Маці Божая Міласэрная» 1620 года. Цудам ужо з’яўляецца тое, што ён ацалеў падчас таго пажару. Лічыцца, што абраз дапамагае ў лекаванні хвароб.
І па-трэцяе, тут ёсць старадаўні арган XIX стагоддзя. Адна з найстарэйшых жыхарак Косава, 94-гадовая Вікторыя Савосціна, расказвала, як у пачатку 1990-х сама навучылася на ім іграць і іграла падчас набажэнстваў, пакуль не з’явіўся сапраўдны арганіст.