Субота21 лістапада
+5°Брэст · заўтра +1…+3°
$2,9943€3,291310 zł7,4496Курс НБРБ
Тут спыняўся шведскі кароль: вёска Альба ў Івацэвіцкім раёне

Тут спыняўся шведскі кароль: вёска Альба ў Івацэвіцкім раёне

15:00 21 лістапада 2026 ·
Старая драўляная царква Святога Юрыя, магілы з гісторыяй і сядзіба Сапегаў, дзе ў 1706 годзе адпачываў Карл XII. Што паглядзець у Альбе.

У Альбе стаіць вельмі старая драўляная царква Святога Юрыя (Георгія). Паводле царкоўнай ведамасці, яе пабудавалі ў 1692 годзе, іншыя крыніцы называюць 1790 год. Будавалася царква як уніяцкая. У ёй бачныя рысы не толькі палескага народнага дойлідства, але і рэнесансава-гатычнай архітэктуры.

Царква ў вёсцы Альба
Царква ў вёсцы Альба
Купал царквы
Купал званіцы, якую прыбудавалі да царквы ў 1908 годзе

Каля царквы ёсць цікавыя пахаванні. На яе тэрыторыі стаіць помнік на магіле святара Іаана Дзявіцкага, які памёр у 1902 годзе. Побач з царквой — могілкі, дзе таксама ёсць некалькі пахаванняў з гісторыяй.

Помнік на магіле святара

Помнік на магіле святара Дзявіцкага знаходзіцца за царквой.

На могілках у Альбе ёсць магіла Аляксандра Грэцкага, які загінуў у перастрэлцы з польскімі ўладамі 16 верасня 1939 года — роўна за дзень да таго, як на гэтыя землі прыйшла Чырвоная армія. Ёсць тут і пахаванні савецкіх салдат, што загінулі ў Другую сусветную вайну.

Від на царкву ззаду, з боку могілак
Від на царкву ззаду, з боку могілак

Валодалі Сапегі, тут спыняўся Карл XII

Сама вёска Альба таксама мае доўгую гісторыю. Упершыню яна згадваецца ў пісьмовых крыніцах 14 ліпеня 1632 года, калі славуты магнат і дзяржаўны дзеяч Леў Сапега запісаў сыну ў спадчыну сярод іншых маёнткаў і фальварак Альба. Фальваркамі тады называлі гаспадаркі феадалаў, дзе вырошчвалі збожжа на продаж.

Юр’еўская царква ў вёсцы Альба
Юр’еўская царква ў вёсцы Альба

Вельмі высокія госці былі ў Альбе падчас Паўночнай вайны 1700–1721 гадоў, калі кааліцыя еўрапейскіх дзяржаў ваявала са Швецыяй — тады адным з наймагутнейшых каралеўстваў. Сапегі ў той час перайшлі на бок шведаў, і ў 1706 годзе іх уладанні наведаў сам шведскі кароль Карл XII.

Шведскі кароль Карл XII
Шведскі кароль Карл XII. Ілюстрацыя: Вікіпедыя

Апроч Бярозы-Картузскай, Ружан і іншых мясцін, шведскі кароль спыняўся і ў Альбе. Пра гэта пакінуў успаміны ў дзённіку каралеўскі камергер Густаў Адлерфельд. Цытату пра наведванне Альбы Карлам XII прыводзіць у кнізе «Населеныя пункты Івацэвіччыны» краязнаўца Алесь Зайка:

«Найзаможнейшая цудоўная сядзіба Сапегаў, дзе мы як мае быць адпачылі», — пісаў высокі прыдворны шведскага караля.

Калі ўжо ён так адгукнуўся пра Альбу, можна смела сцвярджаць, што сядзіба Сапегаў тут была сапраўды шыкоўная. На жаль, да нашых дзён яна не захавалася.

Царква ў Альбе
Царква ў Альбе

Гісторыя Альбы пасля Сапегаў

З 1795 года Альба была ў складзе Расійскай імперыі. У 1813 годзе граф Замойскі пабудаваў тут суконную фабрыку, а ў 1828 годзе фальварак і фабрыка ўжо належалі Войцеху Пуслоўскаму. На фабрыцы тады працавалі 125 чалавек, арандаваў яе ў Пуслоўскага габрэй Сімх Есянтоўскі.

У 1845 годзе ў фальварку запрацавала бровар — да 1860 года тут выраблялі 17 тысяч вёдраў алкаголю, працавала паравая машына. У 1886 годзе ў Альбе былі таксама ветраны і конны млыны, а на развілцы дарог стаяла карчма.

Дзейная царква ў Альбе Івацэвіцкага раёна
Дзейная царква ў Альбе Івацэвіцкага раёна

У 1865 годзе тут адкрылася народнае вучылішча. Напрыклад, у 1892 годзе за парты селі 32 вучні. Захавалася нават імя тагачаснага настаўніка — Мітрафан Сямёнавіч Хамічэўскі.

У 1905 годзе ў Альбе жылі 57 чалавек, а ў 1937 — 195. З 1939 года вёска была ў складзе БССР. У Другую сусветную вайну загінулі 9 жыхароў, яшчэ 9 не вярнуліся з фронту. У 2011 годзе ў Альбе было 79 жыхароў, у 2019 — 45.

Адкуль назва

Чаму вёска называецца Альба? Словам «альба» называлася белае ўбранне ўніяцкіх святароў, таму краязнаўца Алесь Зайка меркаваў, што назва магла быць звязаная з храмам. Цікава, што мясцовыя жыхары называлі вёску Гальба, а сябе — гальбенцамі: прыстаўное «г» характэрнае для паўднёва-заходняга дыялекту беларускай мовы.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ

20 лістапада 2026 20:00

Свяшчэнны дуб у Бабровічах Івацэвіцкага раёна з недарэчнай мянушкай «Цар»

На могілках у Бабровічах Івацэвіцкага раёна расце дуб вышынёй 18 метраў і ахопам больш за сем метраў. Яму можа быць каля 600 гадоў.

20 лістапада 2026 11:00

Капліца Параскевы Пятніцы ў Бабровічах Івацэвіцкага раёна

Капліца ў адной з найстарэйшых вёсак Івацэвіцкага раёна пабудавана ў памяць пра жыхароў, спаленых у вайну. Кожны год 13 верасня тут звоняць званы.

19 лістапада 2026 18:07

Литва за пределами Вильнюса. Куда выбраться на 1-3 дня?

Всего сорок минут езды от Вильнюса, и перед вами Тракай. Посреди озера Гальве здесь стоит средневековый замок на острове. Сюда часто приезжают на несколько часов, чтобы осмотреть его и вернуться…

19 лістапада 2026 11:24

Ружаны: якія перспектывы ў мястэчка з багатай гісторыяй?

Ружаны вядомыя палацам Сапегаў, але мястэчка губляе жыхароў. Як тут жывуць сёння і ці ёсць у Ружан перспектывы.