Прозвішчы жыхароў спаленых вёсак высечаныя ў граніце і вісяць унутры будынка побач з абразамі. Кожны год 13 верасня тут звоняць званы ў памяць пра загінулых аднавяскоўцаў.

Вядома, што царква ў гонар мучаніцы Параскевы Пятніцы ў вёсцы Бабровічы існавала яшчэ ў XIX стагоддзі. А ў XVII стагоддзі царкву ў гонар Параскевы тут пабудавалі Агінскія.
У міжваенныя гады, пры польскай уладзе, царкву ў Бабровічах пабудаваў і грэка-каталіцкі святар Баляслаў Пачопка, які тут служыў. Ён памёр, калі прыйшла савецкая ўлада і пачаліся пераслед. А царква згарэла ў вайну.
Краязнаўца і пісьменнік Веньямін Бычкоўскі — нашчадак бежанцаў часоў Першай сусветнай вайны. Ён жыў у Расіі, але вярнуўся на радзіму продкаў. Пасяліўшыся ў Бабровічах, ён задумаў і пабудаваў капліцу ў памяць пра спаленых жыхароў. Сёння капліца належыць да Ягалевіцкай парафіі.

А самі Бабровічы — адна з самых старых вядомых вёсак Івацэвіцкага раёна. Упершыню яна згадваецца ў 1401 годзе, калі вялікі князь Вітаўт падараваў вёску слуцкім князям Алелькавічам. А наогул людзі жылі тут больш за 10 тысяч гадоў таму: непадалёк ад Бабровіч археолагі раскапалі стаянку старажытнага чалавека.






