Аўторак24 лістапада
+2°Брэст · заўтра +1…+2°
$2,9946▼0,0024€3,2863▼0,001510 zł7,3739▼0,0065Курс НБРБ
У Ганцавіцкім раёне даяркам ставяць адзнакі за малако

У Ганцавіцкім раёне даяркам ставяць адзнакі за малако

20:45 20 лістапада 2018 ·
Як у школе з амаль «савецкай» сістэмай, ужо два тыдні працуюць даяркі ААТ «Дубнякі», якім кожны дзень выстаўляюць адзнакі за якасць надояў. Па словах работніц сельгаспрадпрыемства, каб павысіць якасць малака, такую матывацыю ўвёў кіраўнік Уладзімір Грыгаран.

Даяркі, якія атрымліваюць адзнаку «пяць» – выдатніцы: іх хоць і не будуць заахвочваць «рублём», але і з зарплаты жанчыны нічога не губляюць, атрымаюць усе грошы за надоеныя тоны малака.

А вось за «чацвёрку», хоць гэта некалі была добрая адзнака, ужо ідзе спагнанне – за гэты дзень з зарплаты даярак плануюць вылічваць 10 працэнтаў.

Зарплату даярак-«троечніц» плануецца зрэзаць на 15 працэнтаў. Аб гэтым новаўвядзенні ў гаспадарцы расказала даярка Марына Раковіч.

Па яе словах, кіраўнік абвясціў ім аб гэтым «ноу-хау» на сходзе і дадаў, што работніцы самі павінны прасочваць, каб не забруджваліся фільтры, не псаваўся даільны аппарат і каб каровы не хварэлі. Таксама ён паведаміў работніцам, што кожны дзень гаспадарка атрымлівае каля паўтары тоны малака, 700 з якіх ідзе на кармленне цялятак, а астатняе дзяваць няма куды.

«Ваганавіч сказаў нам, што яго хоць на зямлю вылівай… Але ж хіба гэта мы, даяркі, вінаватыя ў гэтым? Для мяне ж кожны літр малака дарагі!»,– расхвалявалася жанчына.

Даяркі і самі былі б рады здаваць больш малака гатункам «экстра», але гэтаму перашкаджаюць пэўныя прычыны. На фермах, па словах работніцы, холадна, каровы кладуцца на мокрую падсцілку. Жывёліны пачынаюць хварэць, іх лечаць антыбіётыкамі, таму іх малако не прыгодна для здачы на пераапрацоўку.

Даільныя апараты таксама выклікаюць у работніц нараканні. Нядаўна Марына Раковіч разабрала даільны аппарат і праверыла фільтр, дзе ўбачыла пракіслае малако. Яна сказала аб гэтым інжынеру і заатэхніку, а на яе насварыліся, сказаўшы, што яна лезе не ў свае справы.

«Сказалі, што гэта малако з хворых кароў. Але і я ж не дурная, колькі гадоў на ферме працую, магу адрозніць пракіслае малако ад масцітнага», – расказала жанчына.

Па словах даяркі, яны задалі пытанні дырэктару ААТ «Дубнякі»: чаму ім ставяць адзнакі за якасць малака, калі хварэюць каровы, і ў чым даяркі вінаватыя, што малако не ідзе гатункам «экстра»? Але пэўнага адказу жанчыны не атрымалі.

Аўтару гэтага артыкула на аналагічнае пытанне Уладзімір Ваганавіч адказаў: «Я не буду даваць вам інтэрв`ю. Гэта мая асабістая справа», – і паклаў трубку.

Ну, пра «асабістую справу» Уладзімір Грыгаран яўна перабаршчыў. Хоць дзяржава дазваляе дырэктару займець 25% акцый акцыянернага таварыства, але пакуль Уладзімір Ваганавіч не мае ніводнай акцыі. Таму і не асабістая гэта справа, бо прадпрыемства цалкам дзяржаўнае.

Дый заканадаўства ў Беларусі адзінае. А загаду пра адзнакі не было, даяркі пра такі дакумент не чулі.

Галоўны заатэхнік ААТ «Дубнякі» Людміла Варган, пачуўшы пытанне, адказала: «Якія хворыя каровы? Яны тут ні пры чым. Адзнакі даяркам ставяць за чысціню дойкі».

А калі яе спыталі, ці праўда, што кожны дзень гаспадарка атрымлівае каля 1,5 тоны малака ніжэйшага гатунку, яна вельмі эмацыйна адказала: «Хто вам такое сказаў? Я не магу вам пра гэта гаварыць!» – і таксама паклала трубку.

В.а. кіраўніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Анатоль Бобка патлумачыў, што да ААТ «Дубнякі» па якасці малака прэтэнзій няма: у гэтым годзе 93% малака ў іх ідзе гатункам «Экстра», што на 5% вышэй, чым у мінулым годзе.

«Калі частка малака будзе першым гатункам – не бяда, бо ўсё малако не можа быць найлепшым. Не думаю, што гаспадарка атрымлівае малака першым гатункам больш, чым трэба. Такіх звестак у мяне няма», – патлумачыў Анатоль Лявонцьевіч.

Ён дадаў, што 95% якасці малака і здароўя каровы наогул залежыць ад старанняў даяркі: як яна падрыхтавала жывёлу да дойкі, як дагледзела яе вымя і іншае.

«Старацца, канешне, трэба», – сказаў ён.

Па словах кіраўніка, калі ў якой даяркі ці ў іншага работніка гаспадаркі ўзнікаюць пытанні па аплаце, трэба не замоўчваць іх, а звяртацца да кіраўніцтва, у тым ліку асабіста да яго:

«Я прыеду і будзем вырашаць. Людзей не трэба крыўдзіць, а, наадварот, падтрымліваць, каб яны працавалі сумленна і хацелі зарабляць грошы, вырабляючы якасную прадукцыю», – дадаў Анатоль Бобка.

ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ

08 лістапада 2026 21:12

Каму цяпер патрэбны крухмальны завод у Драгічыне?

Частка работнікаў Драгічынскага крухмальнага завода рызыкуе застацца без працы. Прыватны ўласнік мае намер адмовіцца ад прадпрыемства, а вытворчы комплекс можа неўзабаве зноў перайсці дзяржаве. Цяпер на заводзе працуюць каля 100…

27 кастрычніка 2026 19:21

Брестская область укрепляет торговлю с Узбекистаном

Белорусские компании закупают у узбекских партнёров хлопчатобумажную пряжу и готовые текстильные изделия. За последние пять лет товарооборот Брестской области и Узбекистана вырос более чем…

25 кастрычніка 2026 19:04

“Геостратег” Путин нашёл причину европейских бед, но забыл заглянуть в собственную экономику

Владимир Путин, который годами объясняет россиянам, почему ради величия страны приходится терпеть санкции, рост цен и дорогие кредиты, неожиданно обнаружил главную причину европейских протестов.…

12 кастрычніка 2026 23:14

Миллионы долларов исчезают в токенах, а Минюст решил бороться с долгами по зарплате

Лицам, которые имеют задолженность по зарплате или не погасили её после прежнего периода долга, с 21 июня 2026 года ограничат возможность создать бизнес. Закон…