Новая абарончая стратэгія Польшчы: мільёны еўра на аднаўленне балот

19:10 10 июля 2026
Дзясяткі мільёнаў еўра да 2028 года ў Польшчы плануюць накіраваць на аднаўленне балот і тарфянікаў. Яны павінны не толькі абараняць прыроду, але і ўмацоўваць бяспеку, зніжаць рызыку пажараў і ствараць новыя магчымасці для фермераў. Чаму балоты сталі часткай праграмы «Усходні шчыт» і што гэта можа азначаць – мы спыталі ў эксперта Шымона Свянціцкага, каардынатар камунікацыйнай дзейнасці Цэнтра аховы водна-балотных угоддзяў.

Польшча вырашыла, што супраць танкаў могуць працаваць не толькі бетон, рвы і мінныя палі. У рамках праграмы «Усходні шчыт» краіна ўкладвае 450 млн злотых у аднаўленне балот, тарфянікаў і натуральных рэк, якія павінны стаць жывой абарончай лініяй на ўсходняй мяжы.

Рэдактар “ПР”: Яшчэ нядаўна балоты лічыліся бескарыснымі тэрыторыямі, якія неабходна было асушаць. Сёння ўсё часцей гавораць пра іх аднаўленне і выдзяляюць на гэта мільёны. Чаму гэты працэс пайшоў у супрацьлеглым кірунку і чаго дзяржава хоча зараз дасягнуць?

Шымон Свянціцкі: Асноўнай мэтай асушэння балот было павелічэнне плошчаў сельскагаспадарчых угоддзяў. У кароткатэрміновай перспектыве гэта здавалася разумным, бо глеба на асушаных тарфяніках спачатку вельмі ўрадлівая і добра падыходзіць для земляробства. Аднак пасля асушэння такія глебы хутка дэградуюць, і з цягам часу іх выкарыстанне становіцца ўсё больш складаным і дарагім. У той час праблема змены клімату яшчэ не была настолькі адчувальнай і ўсвядомленай, а дэфіцыт вады не ўяўляў такой пагрозы, як сёння. Засухі здараліся значна радзей.

Сёння гэты працэс і стаўленне да балот паступова змяняюцца. Галоўнымі прычынамі гэтага сталі:

  • змена прыродных умоў: цяпер засуха ў Польшчы адбываецца практычна штогод, ахоплівае ўсё большыя тэрыторыі і наносіць усё большыя страты сельскай гаспадарцы. Водны баланс стаў адмоўным, а сельская гаспадарка ўсё мацней адчувае недахоп вады;
  • рост экалагічнай свядомасці: веды пра змяненне клімату сталі значна больш распаўсюджанымі. Больш нельга ігнараваць выкіды CO₂ з асушаных тарфянікаў. Адначасова людзі ўсё лепш разумеюць ролю балот у захаванні воднага балансу, які з кожным годам пагаршаецца;
  • змена геапалітычнай сітуацыі: балоты сталі адным з элементаў праекта «Зялёны Усходні шчыт» і могуць выкарыстоўвацца як тэрыторыі, што ўзмацняюць абарону Польшчы ў выпадку ваеннай агрэсіі.

ПР: Якія памылкі часцей за ўсё дапускаюць мясцовыя ўлады, інвестары або землеўладальнікі пры выкарыстанні балот і тарфянікаў? Што наносіць найбольшую шкоду прыродзе?

Эксперт: Перш за ўсё — любыя дзеянні, якія прыводзяць да асушэння тарфянікаў. Гэта могуць быць меліярацыйныя работы, паглыбленне ўжо існуючых каналаў або адкрыццё тарфяных кар’ераў. Любыя інвестыцыі на тарфяніках патэнцыйна шкодныя. Такія тэрыторыі павінны заставацца ў натуральным стане і выконваць свае прыродныя функцыі. Іх не варта забудоўваць.

Асобную праблему ствараюць праекты, якія нібыта павінны павялічыць запасы вады, але фактычна разбураюць тарфянікі. Напрыклад, стварэнне адкрытых вадаёмаў са стаялай вадой непасрэдна на тарфяніках.

Сустракаюцца і выпадкі няправільна арганізаваных прыродаахоўных работ. Напрыклад, выкарыстанне цяжкай тэхнікі на тэрыторыях тарфянікаў з каштоўнай расліннасцю.

На сельскагаспадарчых землях найбольш сур’ёзнай і, на жаль, усё больш распаўсюджанай праблемай становіцца пераўтварэнне лугоў і пашаў у ворныя землі. Такія дзеянні значна паскараюць дэградацыю тарфянікаў.

ПР: Ці можна весці сельскую гаспадарку на забалочаных тэрыторыях, не знішчаючы балоты? Якія перспектывы мае так званая балотная сельская гаспадарка і ці можна зарабляць не на асушэнні зямлі, а на яе аднаўленні?

Эксперт: Перш за ўсё неабходна падкрэсліць, што ні пры якіх абставінах не варта

асушаць і гаспадарча асвойваць балоты, якія захаваліся ў добрым стане. У інтарэсах усіх нас — захоўваць іх, каб яны працягвалі выконваць свае прыродныя функцыі на карысць грамадства, у тым ліку і суседніх фермераў.

Тыя ж тарфянікі, якія былі асушаныя ў мінулым для вядзення сельскай гаспадаркі, трэба паўторна забалочваць. Гэта не выключае іх далейшага выкарыстання.

Такую форму гаспадарання называюць палудыкультурай, або балотнай сельскай гаспадаркай. Яна заключаецца ў вядзенні сельскай гаспадаркі пры захаванні высокага ўзроўню ўвільгатнення тарфяной глебы. Толькі так фермеры могуць прадухіліць яе дэградацыю.

Вядома, такая гаспадарка патрабуе вырошчвання раслін, прыстасаваных да жыцця на забалочаных тэрыторыях.

Прыклады такіх культур і іх выкарыстання:

  • рагоз — выкарыстоўваецца як матэрыял для цеплаізаляцыі дамоў;
  • асокі:
    • для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, у тым ліку акустычных панэляў, канструкцыйных і ізаляцыйных пліт;
    • як сыравіна для вытворчасці біяпаліва;
    • як дадатак пры вытворчасці паперы і кардону;
  • таксама магчымыя пасадкі харчовых і лекавых раслін, напрыклад журавін або расічкі.

Акрамя таго, фермеры, якія вырашаць павысіць узровень вады на сваіх тарфяніках, могуць атрымліваць дадатковы даход ад продажу скарачэння выкідаў парніковых газаў у выглядзе так званых вугляродных крэдытаў.

Хоць гэта гучыць складана, на практыцы фермер можа супрацоўнічаць з кампаніяй або арганізацыяй, якая рэалізуе такія праекты. У Польшчы такую праграму вядзе Цэнтр аховы балот, прапаноўваючы фермерам прывабныя штогадовыя выплаты.

ПР: Еўрапейскі саюз выдзяляе каля 450 млн злотых (прыкладна 106 млн еўра) на прыродаахоўны кампанент праграмы «Усходні шчыт», з якіх каля 100 мільёнаў могуць атрымаць органы мясцовага самакіравання і грамадскія арганізацыі. На якія праекты, на вашу думку, могуць быць накіраваныя гэтыя сродкі?

Эксперт: Парадак выкарыстання гэтых сродкаў вызначаны непасрэдна ў правілах конкурсу. На сённяшні дзень конкурс арганізаваны такім чынам, што прэтэндаваць на фінансаванне могуць грамадскія арганізацыі і органы мясцовага самакіравання.

Падаваць заяўкі могуць арганізацыі з усёй Польшчы, аднак дадатковыя балы атрымліваюць памежныя гміны. Сродкі павінны быць выкарыстаны для аднаўлення натуральных экасістэм на землях, якія належаць органам мясцовага самакіравання, у супрацоўніцтве з экспертамі.

Балоты супраць танкаў у Польшчы
На аднаўленне прыродных экасістэм у Польшы выдзелена 450 млн злотых (каля 106 млн еўра) на 2024-2028 годы

На нашу думку, істотнай групай, якая была абыдзена ўвагай пры распрацоўцы конкурсу, сталі прыватныя фермеры. Менавіта на іх землях знаходзіцца значная частка балот, таму яны валодаюць вялікім патэнцыялам для такой дзейнасці. Варта стварыць фінансавыя стымулы, каб гэта было для іх эканамічна выгадна.

ПР: Якія тэрыторыі каля мяжы з Беларуссю і Расіяй могуць быць ахоплены такімі праектамі і чым яны адметныя, што могуць стаць элементам абароны ад магчымай ваеннай агрэсіі?

Эксперт: Праект «Зялёны Усходні шчыт» ахоплівае ўсю ўсходнюю мяжу Польшчы — ад мяжы з Калінінградскай вобласцю на поўначы да мяжы са Славакіяй на поўдні.

На ўсёй гэтай тэрыторыі можна рэалізоўваць праекты па аднаўленні прыродных экасістэм, што адначасова будзе павышаць абарончы патэнцыял рэгіёнаў.

Асаблівае значэнне каля мяжы з Беларуссю і Расіяй маюць буйныя добра захаваныя лясныя масівы:

  • Белавежская пушча;
  • Кнышынская пушча;
  • Аўгустоўская пушча;
  • Рамніцкая пушча.

Важную ролю адыгрываюць таксама нацыянальныя паркі, асабліва тыя, што маюць багатыя балотныя экасістэмы — Палескі і Белавежскі.

ПР: Ці можна адначасова ўмацоўваць бяспеку мяжы і ахоўваць прыроду, ці паміж гэтымі мэтамі непазбежна ўзнікае канфлікт?

Эксперт: Адначасовая ахова прыроды і дзяржаўнай мяжы з’яўляецца асноўнай ідэяй праекта «Зялёны Усходні шчыт». Мы перакананыя, што такая сінергія не толькі магчымая, але і пажаданая. Аднаўленне прыроды ў памежных рэгіёнах прынясе карысць усім.

Натуральныя лясы, выведзеныя з гаспадарчага выкарыстання і багатыя на мёртвую драўніну, стануць сур’ёзнай перашкодай для магчымых захопнікаў.

Такую ж ролю будуць выконваць і адноўленыя балоты. Гэта пацвярджае вопыт вайны ва Украіне, дзе забалочаныя тэрыторыі неаднаразова істотна ўскладнялі прасоўванне расійскіх войскаў.

Дзікія рэкі з натуральнымі поймамі таксама значна цяжэй пераадолець, чым выпрастаныя, паглыбленыя і зарэгуляваныя каналы, на якіх значна прасцей узводзіць пантонныя масты і іншыя інжынерныя збудаванні.

Безумоўна, будаўніцтва чыста ваеннай інфраструктуры патрабуе пэўнага ўмяшання ў прыроду. Аднак калі яна будзе праектавацца такім чынам, каб выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы як элемент абароны, канчатковы вынік можа быць станоўчым і для навакольнага асяроддзя.

Пры гэтым неабходна памятаць і пра магчымыя супярэчнасці паміж інтарэсамі прыроды і мясцовых жыхароў. Таму пры планаванні такіх праектаў трэба прадугледжваць фінансавыя сродкі на магчымыя кампенсацыі.

Рэдактар ПР: Вялікі дзякуй, Шымон, за змястоўныя адказы.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

20 февраля 2026 00:11

В Беларуси требуют показать телефон и назвать пароль что делать

Случалось ли вам слышать истории, как на границе при проверке человека или даже на работе просили разблокировать телефон, назвать пароль, а потом долго листали экран, фотографировали, открывали чаты и внимательно что-то изучали?

06 января 2026 19:15

Сколько стоит приоритетный выезд из Беларуси?

Выезд из Беларуси теперь можно планировать «по-барски». Почти за 700 рублей. С января 2026 года электронная очередь на границе подорожала для всех, но особый тариф приготовили для тех, кто хочет заранее выбрать день и время выезда – без гарантий, но с ощущением платного приоритета.

31 октября 2023 12:14

Зачем будущей Беларуси нужно устойчивое развитие и при чем здесь экология?

Активисты гражданского общества, а также беларусские и европейские эксперты в сфере экологии объявили о создании новой структуры — альянса «Зеленая Беларусь».

13 сентября 2022 12:22

Аккумуляторный завод в Бресте попал в топ-предприятий, отравляющих жизнь в Беларуси

Промышленные предприятия традиционно находятся среди лидеров по загрязнению окружающей среды в Беларуси. “Экодом” составил мини-подборку заводов, особо отметившихся в порче качества жизни беларусов и беларусок за последние годы.