Якая будучыня чакае беларускія незалежных медыя і чаго дамагаецца прапаганда?

15:43 13 января 2023
ОБСУДИТЬ
Гэты тыдзень пачаўся з чарговага гучнага судовага працэсу — больш чым праз паўтары гады пасля затрымання пачалі судзіць супрацоўнікаў T*T.BY: галоўнага рэдактара Марыну Золатаву, гендырэктара Людмілу Чэкіну, рэдактара Вольгу Лойка, журналістку Алену Талкачову і юрыста Кацярыну Ткачэнка.

Пасля пагрому парталу ў траўні 2021 года і затрыманняў дагэтуль за кратамі застаюцца Марына Золатава і Людміла Чэкіна. Астатнія супрацоўнікі правялі ў няволі розны час, былі выпушчаныя да суда і пакінулі краіну.

Вядома, што Людмілу і Марыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу кожную, максімальнае пакаранне па якіх прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У сваім звароце рэдакцыя назвала гэты працэс сюррэалістычным, «фінальным рыўком па дарозе ў альтэрнатыўную рэальнасць, дзе сапраўдныя навіны — гэта зло».

Аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч, аналізуючы тое, што адбываецца, згадзіўся з тым, што працэс па справе T*T.BY сапраўды з’яўляецца фінальным у шэрагу судоў над незалежнымі медыя. Таксама аналітык прадставіў свой прагноз перамен у медыяпрасторы краіны. На жаль, не аптымістычны.

— Працэс над T*T.BY — гэта не проста адзін з працэсаў над журналістамі. Была палітычная воля і неабходнасць знішчыць медыярэсурсы, якія могуць служыць інфармацыйнымі масткамі між рознымі групамі беларускага грамадства. І гэта было зроблена. А калі журналістаў пасадзілі за краты, іх мусяць асудзіць. І ў дадзеным выпадку тое, што адбываецца, лагічна, як бы цынічна гэта не гучала.

У момант разгрому рэдакцыі, з яе рабілі узорна-паказальны рэсурс, які быццам бы нанёс нейкую шкоду. Адпаведна, наўрад ці тут трэба чакаць умоўныя тэрміны.

— За два гады былі асуджаныя амаль усе астатнія журналісты, якіх затрымлівалі і да, і пасля. Чаму так доўга цягнулі з гэтым працэсам?

— Па іншых выданнях усё ж ключавым быў пераслед журналістаў пасля забароны выдання. З T*T.BY задача была іншая — паспрабаваць зачысціць поле незалежных медыя.

Таму гэты працэс меўся быць адным з апошніх, фінальных, такая ўмоўная кропка. Зыходзячы з гэтага, так доўга не было суда. Зыходзячы з гэта, будзе падавацца лінія абвінавачвання. Зыходзячы з гэтага, будуць і прысуды.

Паўтару, што ўмоўныя тэрміны наўрад ці будуць. Самае лёгкае, што можа быць, гэта тэрміны, якія адпавядаюць іх знаходжанню ў СІЗА. Але я больш схільны да таго, што, на жаль, прысуды будуць жорсткімі.

— Што далей будзе адбывацца з незалежнымі медыя, чаго нам чакаць?

— Будуць далей ціснуць, тут пытанне і логікі ўнутрыпалітычнага крызісу ў краіне, і вайны, і таго, што ў Беларусі стаяць расейскія войскі. Таму ў бліжэйшыя прынамсі паўгады пэўны ціск будзе.

Але далей узнікае пытанне, што ўлады могуць прапанаваць замест знішчанага? Таму што Лукашэнка вымушаны будзе ў пэўнай меры ажыўляць палітычны працэс. І тут гуляць у паслабленні для свабоды прэсы яму не хочацца, таму хутчэй за ўсё лагічна было б стварыць нейкае проксі-медыя, быццам бы незалежнае.

Таму мне здаецца, што ўлады будуць спрабаваць раскруціць такія «незалежныя» новыя пляцоўкі, якія, безумоўна, не будуць мець нічога агульнага з незалежнай прэсай.

— Таксама неаднаразова агучвалі планы стварыць медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы.

— Гэта іншая справа. Тут пытанне ў тым ліку гульні і на расейскае, і на беларускае інфармацыйнае поле. Таму што ў беларускай інфармацыйнай прасторы электаральнае ядро Лукашэнкі глядзіць БТ альбо расейскія каналы.

Нейкім чынам абмяжоўваць апошнія не зусім хочацца і страшна. Давайце ўзгадаем, што расейскія медыя досыць доўга ў Беларусі ішлі ў запісу і таксама падчышчаліся. Да такой практыкі ва ўмовах аўтакратыі вяртацца лагічна, але не з Расеяй.

У той жа час медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы, з аднаго боку, спроба пашырыць сваё поле, а з другога боку, гэта спроба, згуляць на такім жа самым полі. Памятаеце, першы лозунг беларускага АНТ быў «не вместо, а вместе». Тады спачатку яны бралі кантэнт расійскага «Першага каналу» і рабілі свае навіны, потым дадавалі болей і болей свайго.

І медыяхолдынг можа быць такой жа спробай, пачынаючы з лозунгу «не вместо, а вместе», далей трымаць рэдакцыйную палітыку ўсё ж такі пад сваім уплывам.

Здаецца, што ўплыў афіцыйнага Менску на тую ж рэдакцыю ТРК «Мир» на парадак большы, чым на любое з прадстаўніцтваў расейскіх медыя ў Беларусі.

Тое, што беларуская прапаганда спрабуе паўтараць базавы твор расейскіх тэмнікаў, умоўна кажучы, працаваць па расейскіх шпаргалках, гэта натуральна ёсць. Іншая справа, што ў Мінску хацелася б уключыць сваё, месцамі змяняць нейкія націскі і, у тым ліку, спрабаваць працаваць і на расейскае інфармацыйнае поле.

Таму што станам на сёння ідзе гульня ў адну браму, гэта азначае, што Расія пастаўляе кантэнт у Беларусь, а з Беларусі на расейскі рынак кантэнт наўпрост не патрабуюць.

ТРК «Мир» — адзін з нешматлікіх рэсурсаў, хто хаця б тэарэтычна мае распаўсюд як у Беларусі, так і быццам бы ў Расеі. І для афіцыйнага Менску лагічна шукаць выхад на расейскае інфармацыйнае поле, каб хаця б мінімальна прысутнічаць там не праз пасярэднікаў у выглядзе агенцтваў навін, а як раз праз такі холдынг са значна большай мерай свайго ўплыву.

Але гэты холдынг не будзе адрознівацца ад прапаганды. Гэта будзе прапаганда, толькі з іншымі націскамі, з іншымі акцэнтамі. У цяперашняй Беларусі дзяржаўныя медыя, прынамсі, яшчэ некалькі год будуць працаваць у вельмі жорсткіх прапагандысцкіх рамках.

— Што значыць «некалькі год»? Вы ўпэўнены, што яны захаваюцца некалькі год?

— Давайце разважаць лагічна. Да заканчэння вайны ва Ўкраіне Лукашэнка ў той ці іншай меры верагодней за ўсё сядзіць на сваім месцы.

Пры гэтым 2023 год мы можам назваць электаральным, таму што ў пачатку 2024 павінны адбыцца выбары (плануецца абраць дэпутатаў усіх узроўняў і вылучыць дэлегатаў УНС – С.), але рэальна ўсю інфраструктуру трэба падрыхтаваць у гэтым годзе, я маю на ўвазе закон аб выбарах, паспрабаваць штосьці зрабіць з палітычнымі партыямі і г.д.

Зараз для цяперашняй беларускай улады задача выйсці з гэтай пасткі, умоўна кажучы, былой падтрымкі. Бо ў іх атрымалася не дапусціць разрастання пратэснай падтрымкі, але яны не выраслі і самі.

Старыя медыяпрыёмы ўжо не працуюць. Патрэбныя нейкія новыя медыя, новыя падыходы, каб выйсці на іншыя групы беларускага грамадства, таму што яно зараз сегментаванае.

Ключавая задача пры гэтым — каб Лукашэнку ўспрымалі хаця б як найменшае зло.

У чалавека ёсць дзве вельмі моцныя эмоцыі — гэта страх і надзея. Страх і адсутнасць надзеі згулялі з Лукашэнкам у 2020 годзе злы жарт. Фактычна ён сам загнаў краіну ў пастку страху. Напачатку быў страх перад кавідам, была завалена камунікацыя і было незразумела, як дзейнічаюць беларускія ўлады. Гэта прывяло да пэўнай актывізацыі значнай часткі грамадства.

Пасля была электаральная кампанія і зноў незразумелыя паводзіны Лукашэнкі — і быў страх перад тым, што будзе, калі ён застанецца далей. Страх зрабіў сваю справу: людзі ў значнай меры прагаласавалі супраць Лукашэнкі.

Пасля быў страх ягоных прыхільнікаў і потым Лукашэнка рэпрэсіямі спрабуе ізноў загнаць у страх людзей. Але вечна жыць у страху немагчыма. Калі чалавека загнаць у кут, ён пачне агрызацца, як і любая жывёла, калі няма куды бегчы далей.

І вось апошнім часам ён пачаў казаць пра мір, пра тое, што мы самі выбіраем сабе будучыню, такім чынам Лукашэнка спрабуе зараз згуляць яшчэ апроч страху на надзеі.

«Нешта стабілізуецца, будзе лепей, нешта будзе ісці да паляпшэння» – хутчэй за ўсё гэта будуць ключавыя тэзы 2023 года. Менавіта таму ён абвесціў яго «годом мира и созидания».

— Як на ваш погляд, ці атрымаецца ў яго пераканаць кагосьці?

— Гэта галоўнае пытанне, ці людзі павераць яму, з’явіцца ў іх надзея ці не. А надзея можа не мець ніякага дачынення да рэальных зменаў. Але для таго, каб быць больш пераканаўчым, Лукашэнку патрэбная нейкая дэманстрацыя.

Вяртаючыся да медыярынку, адпускаць вольных незалежных медыя для яго небяспечна. Але можна паказаць, што пачаўся нейкі палітычны працэс, зʼяўляюцца нейкія новыя магчымасці, новыя сілы, магчыма, новае медыя.

Вось на гэтым ён будзе працаваць. Пры гэтым прапаганда застанецца, яна будзе раскручвацца далей. І пасля выбараў 2024 года не значыць, што павінна быць адліга.

Але ёсць яшчэ адзін аспект. Калі не ў гэтым, то ў наступным годзе вайна ва Ўкраіне скончыцца альбо выйдзе на фінішную прамую. І тады ўстане пытанне, хто з чым выходзіць з гэтай вайны.

Калі Лукашэнка да апошняга будзе трымацца за Пуціна, а Расея пацерпіць паразу, перад ім устане пытанне ўтрымаць інфармацыйнае поле, каб утрымацца самому альбо правесці мяккі транзіт – гэта значыць, на чалавека, якога ён абярэ сам.

Гэта будзе азначаць, што ўвесь 2024 год прапаганда будзе працаваць у поўнай меры на выбары ў 2025-м, таму што без гэтага нічога не атрымаецца.

Калі Лукашэнка вырашыць згуляць у пацяпленне з Захадам, ці проста захоча адмежавацца ад Расіі, каб захавацца, для гэтага яму трэба будзе паказаць, які ён разумны, што быццам бы захаваў мір. І паказваць гэта ён таксама будзе з дапамогай прапаганды, каб паспрабаваць абрацца нанова.

Даруйце, магчыма, гэта не такі радасны прагноз, але я не бачу перадумоў, каб вось так, па шчаўчку пальцаў, там, праз паўгады сказалі: усё, прапаганда, стоп, далей працуем па стандартах журналістыкі.

Адзіны варыянт, калі прапаганда знікне раней: калі ці то ў выпадку вайны, ці то ў выпадку асабістага здароўя з Лукашэнкам нешта здарыцца.

ЧИТАТЬ ЕЩЕ СТАТЬИ

27 марта 2024 12:59

У Беларусі могуць прымусіць работнікаў працаваць больш, чым дазваляе заканадаўства

Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы ўказ — аб павелічэнні ліміту звыштэрміновай працы ў прамысловасці. Як адзначае яго прэс-служба, гэта зроблена з мэтай «максімальнага задзейнічання працоўных рэсурсаў, якія валодаюць неабходнымі кампетэнцыямі, для аператыўнага рашэння найважнейшых стратэгічных задач у вытворчасці».

24 марта 2024 12:46

Инфляционные ожидания жителей Беларуси остаются высокими

Представители аналитического проекта “Кошт урада” провели среди своих читателей опросы инфляционных ожиданий. Сделаны они по причине того, что мониторинг оценки населением того, как растут цены, все еще не публикуется Национальный банком. А ведь это крайне важная информация.

23 марта 2024 12:35

Как многодетные жители Беларуси тратят семейный капитал

В Беларуси ужесточили условия досрочного использования семейного капитала. На что многодетные семьи тратят эти деньги, и какие ограничения вводит новый указ подписанный Александром Лукашенко?

17 марта 2024 12:09

Стоит ли брать сейчас кредиты в Беларуси?

2023 год был бумом кредитования в Беларуси. Кредитование физических лиц существенно увеличилось, достигнув почти 21 миллиарда рублей. На это обращает внимание экономист Ярослав Романчук.