Гэтая фраза павінна была прагучаць як юрыдычны доказ, але насамрэч яна толькі паказвае, наколькі далёка афіцыйная рыторыка адышла ад элементарнай логікі права. Словы Лукашэнкі Дзяржаўнае інфармагенцтва Белта вынесла літаральна такі загаловак: «Это абсолютная неправда». Лукашенко на встрече с Коулом развеял фейк, который разгоняют беглые на Западе».
«Няма артыкула» — значыць, няма палітвязняў?
Палітычны зняволены — гэта не назва артыкула Крымінальнага кодэкса і не асобны склад злачынства. Гэта паняцце, якім ацэньваюцца прычыны пераследу чалавека, палітычны матыў дзяржавы, характар абвінавачання, справядлівасць судовага працэсу і суразмернасць пакарання.
Таму аргумент Лукашэнкі пра тое, што «няма такога артыкула», юрыдычна нічога не даказвае. Па такой жа логіцы можна было б заявіць, што ў Беларусі не існуе палітычных рэпрэсій, бо ў прысудах не пішуць «асуджаны за іншадумства», або што няма цэнзуры, бо забаронены матэрыял называюць не цэнзураваным, а «экстрэмісцкім».
Менавіта так і працуе сістэма, якая хоча надаць палітычнаму пераследу выгляд звычайнага правапрымянення. Спачатку ўлада стварае або пашырае патрэбныя нормы, пасля падводзіць пад іх нязгодных, а затым паказвае на артыкул Крымінальнага кодэкса і кажа: якая палітыка, чалавек жа асуджаны «па законе».
Закон сам па сабе не робіць рэпрэсіі законнымі
Пасля 2020 года беларускія ўлады рэзка пашырылі выкарыстанне заканадаўства аб «экстрэмізме», «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «распальванні варожасці» і іншых складах. Пад гэтыя нормы ўсё часцей траплялі журналісцкія матэрыялы, інтэрв’ю, каментары, палітычная актыўнасць, удзел у мірных пратэстах і нават супрацоўніцтва з незалежнымі медыя.
Гэта вельмі зручная схема. Спачатку дзяржава абвяшчае пэўнае дзеянне забароненым, потым карае чалавека за гэтае дзеянне, а пасля выкарыстоўвае сам факт існавання закона як доказ таго, што ніякага палітычнага пераследу няма.
Але рэпрэсіўны закон не перастае быць рэпрэсіўным толькі таму, што яго апублікавалі на афіцыйным прававым партале. І незаконныя дзеянні службовых асоб не становяцца законнымі толькі таму, што пад імі ёсць подпіс следчага, пракурора або суддзі.
Калі тыя, хто абслугоўвае ўладу кажуць, што людзі «парушылі беларускія законы», лагічна спытаць: хто гэтыя законы ствараў і як яны змяняліся апошнія гады? Хто выбудоўваў сістэму, у якой незалежнае медыя можна прызнаць «экстрэмісцкім фарміраваннем», пасля чаго нават супрацоўніцтва з ім ператвараецца для чалавека ў крымінальную рызыку?
Пасля 2020 года незалежныя медыя ў Беларусі не проста «сутыкнуліся з цяжкасцямі». У рэдакцыі і дамы журналістаў прыходзілі сілавікі, праводзілі вобшукі, забіралі камп’ютары і тэлефоны, вывучалі перапіскі, канфіскоўвалі тэхніку і фактычна паралізавалі працу. Ёсць мноства даказаных фактаў беззаконня, перавышэння службовых паўнамоцтваў.
Факты незаконных дзеянняў так званай улады палягаюць на тым, ўто сайты блакавалі, газеты пазбаўлялі магчымасці нармальна друкавацца і распаўсюджвацца, матэрыялы прызнавалі «экстрэмісцкімі». Гэта не асобныя выпадкі, а сістэма, у якой незалежная журналістыка паступова выціскалася з легальнага поля.
За што сядзеў Аляксандр Манцэвіч?

Вельмі паказальны прыклад — Аляксандр Манцэвіч, заснавальнік і галоўны рэдактар незалежнай «Рэгіянальнай газеты». Яго затрымалі ў 2023 годзе і асудзілі да чатырох гадоў калоніі паводле артыкула аб «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь».
Манцэвіч шмат гадоў займаўся рэгіянальнай журналістыкай, пісаў пра жыццё людзей, мясцовыя праблемы і дзеянні ўлады. Дзяржава ўбачыла ў такіх публікацыях «дыскрэдытацыю», а праваабаронцы на той час прызналі яго палітычным зняволеным.
Калі справу не шылі белымі ніткамі, такія чэсныя следчыя, пракорор і суддзі – няхай зробяць матэрыялы судовай справы адкрытымі, каб любы мог паглядзець. А сярод “любых”, ёсць шмат юрыстаў, якія дадуць ацэнку. Ні тую, якаю як пад капірку штампуюць людзі, пераапранутыя ў мантыі, а па літары закона.
Пакуль жы даверу няма, бо працуе падмена паняццяў. Журналіст піша пра рэальнасць, улада лічыць гэтую рэальнасць непрыемнай, публікацыі становяцца падставай для крымінальнай справы, а праз некалькі гадоў Лукашэнка заяўляе, што палітвязняў няма, бо «няма такога артыкула».
Чатырнаццаць гадоў выдаўцу рэгіянальнай газеты
Яшчэ больш паказальная гісторыя Уладзіміра Янукевіча, шматгадовага кіраўніка баранавіцкага выдання Intex-Press. Рэдакцыя сутыкнулася з ціскам, вобшукамі, канфіскацыяй тэхнікі і прызнаннем інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі», а нармальная праца незалежнага выдання была фактычна знішчана.

26 лютага 2026 года Янукевіча асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве. Працэс быў закрыты, а грамадскасць не атрымала магчымасці паўнавартасна ўбачыць, на якіх менавіта доказах быў пабудаваны прысуд выдаўцу рэгіянальнай газеты. А чаму працэс закрыты? Суды павінны быць адкрытымі, чаго баяцца?
Чалавек, які меў проста незалежную пазіцыю і паказваў рэальнасць, якая не супадала з тым месівам парпаганды, што ўлівае ў галовы людзей, пацярпеў за аб’ектынасць. Чатырнаццаць гадоў за закрытымі дзвярыма суда, і пасля гэтага грамадству прапануюць проста прыняць версію: палітыка тут ні пры чым.
Не давярай і правярай – гэта павінна стаць правілам для кожнага чалавека. Верыць трэба не чыноўніку, а Лукашэнка такіх наняты чыноўнік, што жыве за конш народа, а рэальным фактам.
Варта паглядзець, як падгарае ў тых, хто зневажальна называе беларусаў “беглымі” людзей, якія вымушаны былі выехаць з краіны, каб не трапіць пад палітычныя рэпрсія. А рэпрэсіі у Беларусі ёсць – гэта неапрявяржымы факт, якімі ж словамі там не апраўдваліся преад амерыканцамі, перад людзьмі тыя, хто да іх прыклаў руку!
Незалежныя медыя не проста закрылі — іх працу паралізавалі
Важна разумець, што беларускую незалежную журналістыку пасля 2020 года не проста «абмежавалі». Для многіх рэдакцый былі створаны ўмовы, у якіх нармальная праца ўнутры краіны стала амаль немагчымай.
Калі ў рэдакцыі праводзяць вобшук, забіраюць тэхніку, блакуюць сайт, пазбаўляюць газету магчымасці друкавацца і распаўсюджвацца, а потым яшчэ і прызнаюць матэрыялы «экстрэмісцкімі», гэта не асобныя адміністрацыйныя меры. Гэта спосаб паралізаваць працу і прымусіць журналістаў альбо маўчаць, альбо з’язджаць.
Пасля гэтага асабліва цынічна выглядаюць размовы пра тое, што журналісты і актывісты «самі з’ехалі». Калі чалавек разумее, што яго могуць затрымаць за прафесійную дзейнасць, забраць маёмасць, завесці справу або зрабіць небяспечным нават супрацоўніцтва з рэдакцыяй, яго ад’езд ужо цяжка называць проста асабістым выбарам.
Людзей фактычна выціскалі з краіны
Тысячы беларусаў пасля 2020 года пакідалі краіну не таму, што раптам захацелі змяніць месца жыхарства. Людзі ехалі, таму што баяліся вобшуку, затрымання, крымінальнай справы, допыту або таго, што звычайны каментар, інтэрв’ю, публікацыя ці палітычная пазіцыя могуць стаць падставай для пераследу.
Фактычна чалавеку прапаноўвалі вельмі просты выбар: маўчаць, рызыкаваць свабодай або з’язджаць. І гэта таксама частка рэпрэсіўнай палітыкі, нават калі ў афіцыйным дакуменце нідзе не напісана: «выціснуць чалавека з краіны».
Больш за тое, пераслед у шэрагу выпадкаў не заканчваўся пасля ад’езду. Завочныя працэсы, крымінальныя справы, ціск на сваякоў, канфіскацыя маёмасці і пагрозы сталі спосабам паказаць, што нават за мяжой чалавек павінен памятаць: сістэма яго не забыла.
Рэпрэсіі — гэта не толькі людзі ў форме
Памылкова ўяўляць рэпрэсіўную сістэму як некалькі сілавікоў, якія затрымліваюць людзей. Насамрэч яна працуе толькі таму, што ў ёй задзейнічаны дзясяткі звёнаў: ад тых, хто аддае загад, да тых, хто складае пратакол, санкцыянуе затрыманне, узбуджае справу, падтрымлівае абвінавачанне і выносіць прысуд.
Хтосьці прымае рашэнне аб канфіскацыі маёмасці, хтосьці прызнае інфармацыю «экстрэмісцкай», хтосьці забараняе распаўсюд выдання, хтосьці стварае прававую канструкцыю, якая дазваляе пераследаваць людзей за выказванне меркавання. Менавіта таму пасля змены палітычнай сістэмы пытанне адказнасці не можа зводзіцца да агульнай фразы «вінаватая дзяржава».
Дзяржава не падпісвае пастановы сама. За кожным дакументам, рашэннем і прысудам стаіць канкрэтнае прозвішча, і калі будзе ўстаноўлена, што чалавек свядома ўдзельнічаў у незаконным пераследзе, пытанне павінна быць ужо не палітычным, а прававым.
«Усе працэсы знаходзяцца пад кантролем»
На сустрэчы з Коўлам Лукашэнка сказаў яшчэ адну фразу, якая, магчыма, была найбольш дакладнай у гэтай частцы размовы: «Усе працэсы ў Беларусі знаходзяцца пад кантролем». І вось з гэтым сапраўды цяжка спрачацца. Толькі трэба дававіь, амаль татальным кантролем.
Пасля 2020 года кантроль стаў галоўным зместам сістэмы: кантроль над выбарамі, дзяржаўнымі СМІ, незалежнымі рэдакцыямі, грамадскімі арганізацыямі, вуліцай і палітычнымі апанентамі. Усё больш кантралюецца і тое, што чалавек можа бяспечна сказаць, напісаць, прачытаць, каму даць інтэрв’ю або на які інфармацыйны рэсурс падпісацца.
Калі ўлада ўпэўненая ў грамадскай падтрымцы, ёй не трэба баяцца рэгіянальнай газеты, журналіста, блогера, назіральніка на выбарах або чалавека, які паставіў подпіс за іншага кандыдата. Калі ж усё гэта ўспрымаецца як пагроза, размова ўжо не пра сілу ўлады, а пра яе страх страціць кантроль.
Факты заведама неправасуднях рашэнняў суддзямі
Спробы стварыць фармальную ілюзію “законнасці”, калі ся структура сілавсікоў, пракуратуры, суддзяў падначалена прэзідэнтскай вертыкалі, таксама разбіваюцца аб факты беззаконня. Асабліва цікава ў гэтай гісторыі адкрыць сам Крымінальны кодэкс Беларусі. У ім ёсць артыкул 392, які прадугледжвае адказнасць за вынясенне суддзёй заведама неправосуднага прыгавору, рашэння або іншага судовага акта.
Факт існавання гэтай нормы разбурае прапагандысцкую формулу «раз суд вынес рашэнне, значыць, усё законна». Не, нават беларускі закон прызнае, што судовы акт можа быць не проста памылковым, а заведама неправосудным, і што за гэта павінна наступаць крымінальная адказнасць.
Безумоўна, не кожная судовая памылка з’яўляецца злачынствам. Для крымінальнай адказнасці неабходна даказаць, што суддзя ўсведамляў неправосуднасць свайго рашэння, але менавіта таму пасля гадоў палітычна матываваных працэсаў павінна ўзнікаць пытанне: на чым быў заснаваны кожны такі прысуд, якія доказы існавалі, ці была ў чалавека рэальная магчымасць абараняцца і ці мог суддзя не разумець наступстваў свайго рашэння.
Але доказы такіх заведама неправасудных рашэнняў, фальсіфікацый таксама завіксаваны. Фальмальная працэдура следства, судовага працэсу – гэта таксакма не факт, што ёсць законнасць і справядліваць. Не праводзілі б закрытыя суды, ка сапраўды не было палітычных рэпрэсій. А калі хаваюцца – значыць ёсць чаго баяцца.
І пракурор не проста ставіць подпіс
Тое самае датычыцца пракурораў, следчых і іншых службовых асоб. Пракурор не становіцца аўтаматычна невінаватым толькі таму, што яго подпіс стаіць на працэсуальным дакуменце, а следчы не можа прыкрывацца адной фразай, что яму далі нейкі загад.
Беларускае крымінальнае заканадаўства прадугледжвае адказнасць за заведама незаконнае затрыманне або заключэнне пад варту, злоўжыванне ўладай і перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
Таму калі санкцыя была заведама незаконнай, калі чалавек пазбаўляўся волі без законных падстаў або калі службовая асоба свядома выкарыстоўвала свае паўнамоцтвы супраць правоў грамадзяніна, адной пячаткі на дакуменце недастаткова, каб ператварыць гэта ў законнасць. А даказы такіх неказанных санкцый з прошвішчамі пракурораў таксама ёсць.
Калі Беларусь калісьці атрымае сапраўды незалежную сістэму правасуддзя, такія дзеянні павінны ацэньвацца персанальна. Хто падпісваў, хто санкцыянаваў, хто падтрымліваў абвінавачанне, хто патрабаваў тэрміны і хто ведаў, што доказы не вытрымліваюць нармальнай прававой праверкі, — гэта ўжо не абстрактная гісторыя пра «сістэму», а пытанне канкрэтнай персанальнай адказнасці.
БЕЛТА ўжо ўсё вырашыла
І пасля ўсяго гэтага варта яшчэ раз вярнуцца да загалоўка БелТА: «Это абсолютная неправда». Лукашенко на встрече с Коулом развеял фейк, который разгоняют беглые на Западе». Гэтая фармулёўка вельмі дакладна паказвае, у што ператварылася дзяржаўная журналістыка.
Журналістыка пачынаецца там, дзе словы ўлады правяраюць фактамі, а не дзе іх перапісваюць як ісціну. Калі ж заява чалавека, які ўзначальвае ўсю дзяржаўную вертыкаль, аўтаматычна абвяшчаецца праўдай, а супрацьлеглая пазіцыя загадзя называецца «фэйкам», гэта ўжо не журналістыка, а прапагандысцкае абслугоўванне ўлады.
У больш жорсткай фармулёўцы гэта выглядае як брэх прыдворных ганчакоў: гаспадар паказаў кірунак, а далей застаецца толькі гучней брахаць.
Агентства не паведамляе, што Лукашэнка адмаўляе наяўнасць палітвязняў, а адразу кажа чытачу, што супрацьлеглая пазіцыя — «фэйк». Гэта значыць, праверка фактаў больш не патрэбная.
Страх, хлусня і кантроль
Таму праблема сёння не ў адной фразе Лукашэнкі пра тое, што «няма такой артыкулы». Перад намі цэлая мадэль, у якой спачатку ўлада змяняе правілы, потым пад гэтыя правілы падводзяць нязгодных, сілавікі затрымліваюць, следчыя ўзбуджаюць справы, пракуроры падтрымліваюць абвінавачанне, суддзі выносяць прысуды, а дзяржаўныя СМІ называюць усё гэта законнасцю.
Пасля той жа чалавек, вакол якога выбудавана гэтая вертыкаль, заяўляе: палітвязняў няма, бо кожны асуджаны па нейкім артыкуле. Але ў тым жа Крымінальным кодэксе ёсць адказнасць за заведама неправосудны судовы акт, заведама незаконнае пазбаўленне волі, злоўжыванне ўладай і перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
Таму калі Беларусь калісьці вернецца да сапраўды незалежнага правасуддзя, пытанне будзе стаяць не толькі пра ахвяр рэпрэсій. Прыйдзецца высвятляць, хто падпісваў незаконныя рашэнні, хто санкцыянаваў затрыманні, хто падтрымліваў заведама неабгрунтаваныя абвінавачанні, хто выносіў неправосудныя прысуды, хто канфіскоўваў маёмасць, хто паралізаваў працу незалежных рэдакцый і хто ствараў умовы, у якіх людзі былі вымушаныя пакідаць сваю краіну.
Падмена паняццяў зараз займаюцца асобныя чыноўнікі і сілавікі і называць палітычныя рэпрэсі “барацьбой з экстрэмізмам”, “інфармацыйнай бяспекай”, а палітычны прысуд — звычайным крымінальным працэсам. Назвы можна мяняць колькі заўгодна, але сутнасць ад гэтага не знікае.
Калі для захавання ўлады трэба знішчаць незалежную журналістыку, саджаць іншадумцаў, запалохваць людзей, пераследаваць іх сем’і, выціскаць грамадзян з краіны і ператвараць суд у апошняе звяно рэпрэсіўнага канвеера, то асновай такой сістэмы становяцца не законнасць і не стабільнасць.
Яе аснова — страх, хлусня і татальны кантроль. А гэта не свабода і не дэмакратыя – гэта прамое парушэння Канстытуцыі і ніякія шырмы і прапаганда іх не схавае.

